Пра тапонімы-«мігранты»
Змітровіч А.В., студэнт 1-га курса гуманітарнага факультэта
Навуковы кіраўнік Бандарэнка Т. П., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманістычных дысцыплін
Калі ўважліва ўчытацца ў карту нашай краіны ці свету, то можна ўбачыць чужыя, не тыповыя для пэўнага рэгіёна тапанімічныя назвы. Напрыклад, на карце цюркскамоўнага Казахстана сустракаюцца назвы, характэрныя толькі для беларускай тапанімічнай сістэмы. Такія анамастычныя «анамаліі» тлумачацца наступным: незвычайныя назвы паселішчаў узнікалі таму, што ў сярэдзіне 60-х гадоў ХХ стагоддзя беларусы, як і іншыя народы, цэлымі вёскамі выязджалі на цаліну. Яны сяліліся на новах землях, а думкі пра лясную, з блакітнымі азёрамі і паўнаводнымі рэкамі Беларусь не пакідалі іх. І на прасторах паўночнага Казахстана, Алтайскага краю, поўдня Сібіры з’яўляліся паселішчы з роднымі для беларусаў назвамі – Бабруйкі, Мозырскае, Гомель.
У пасляваенныя гады на карце Крыма, адкуль у час Вялікай Айчынай вайны была прымусова дэпартавана большая частка карэннага насельніцтва, узніклі паселішчы Жураўлёука, Серабранка, Аляксандраўка, Луганскае, Арлошскае, Данское, Бярозаўка, Дабрушына; у былой Усходняй Прусіі – паселішчы з назвамі Зеленагорск, Палеск, Нёман, Чарняхоўск, Несцераў, Гусеў, Мамонава, Гвардзейск, Красназнаменск, Баграціёнаўск, Балтыйск, Азёрск, Красналессе.
«Міграцыя» тапонімаў як сацыяльна-лінгвістычная з’ява характэрна для тапанімічных сістэм іншых народаў і іх моў. Асабліва часта за межамі метраполіі сустракаюцца англійскія, іспанскія, партугальскія, французскія, нямецкія, рускія тапонімы. Напрыклад, падлічана, што назва сталіцы Англіі Лондан у Канадзе і ЗША ў шматлікіх варыянтах ці без змен паўтараецца каля ста разоў, называючы вялікія і малыя паселішчы Новага Свету. У ЗША ёсць тапонімы, якія дубліруюць назвы амаль ўсіх еўрапейскіх сталіц: Берліна, Парыжа, Варшавы, Лісабона, Прагі, Рыма, Стакгольма, Масквы, Кіева і г.д.
Самым старажытным зафіксаваным усходнеславянскім тапонімам-«мігрантам» даследчыкі лічаць Ноўгарад. Археолагі выявілі, што мясціна, на якой некалі размяшчаўся старажытны горад, часта затаплялася ў выніку разліву ракі Волхаў. Пасля адной з самых спусташальных паводак людзі не вытрымалі і перасяліліся з нізіннага берага на супрацьлеглы высокі і адбудавалі яшчэ адзін новы горад. Старое месца, дзе быў першы Ноўгарад, і цяпер называецца Гарадзішчам. Так многія ўсходнія славяне называюць тыя мясціны, дзе некалі былі гарады.
З ліку тапонімаў-«мігрантаў» на карце Беларусі выдзяляюць не крымскія, а прыазоўскія айконімы Ялта, Марыупаль, Булганак, Камара, Корань, Крамянчуг, Дартоба, Ласпі, Мангуш, Сартана, Стары Крым, Урзуф, Чардаклы, Чарманлык і інш., якія з’явіліся амаль паўсюдна на ўзбярэжжы Азоўскага мора. Паселішчы з такімі назвамі, як вядома, там заснавалі грэкі, перасяляючыся з Крыма. Дарэчы, значная частка тапонімаў, перанесеных у Прыазоўе, – цюркскія, а не грэчаскія паводле паходжання.
На карце Беларусі таксама можна ўбачыць і іншыя тапанімічныя назвы-»мігранты», што прыйшлі да нас з іншых моў, з іншых тапанімічных сістэм. Так, недалёка ад Чэрыкава ў перыяд калектывізацыі ўзнікла вёска Сормава. Такую назву паселішча атрымала таму, што яго заснавалі рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі ніжагародскага завода «Чырвонае Сормава», якія ў 30-я гады праводзілі калектывізацыю на Магілёўшчыне. Праўда, гэта назва праіснавала менш пяцідзесяці гадоў. У 1977 г. вёска Сормава злілася з горадам Чэрыкавам.
Пасля чарнобыльскай катастрофы многія вёскі поўдня Гомельшчыны былі выселены. Так, жыхароў вёскі Белы Бераг Нараўлянскага раёна перасялілі на Мазыршчыну ў мястэчка Скрыгалаў. Нараўлянскія белабярэжцы на ўскраіне Скрыгалава жывуць на вуліцы ў сучасных катэджах, і хоць яна (вуліца) з’яўляецца часткай Скрыгалава, але ўсе людзі адзінадушна называюць яе Белым Берагам, шануючы назву як дарагі ўспамін пра родную мясціну. Назва, як і людзі, перасялілася на новае месца і лагічна замацавалася за вуліцай, жыхары якой – былыя нараўлянцы з Белага Берага.
Назвамі-»мігрантамі» могуць быць не толькі найменні гарадоў, вёсак, а і словы, што называюць цэлыя этнічныя рода-племянныя аб’яднанні людзей, – этнонімы. Так, геаграфічнай, гістарычнай, лінгвістычнай навукамі даказана, што словам Літва ў ХІІ – ХІХ стагоддзях абазначалі тэрыторыю сучаснай цэнтральнай і паўночна-заходняй часткі Беларусі, а яе жыхароў, карэннае славянскае насельніцтва, называлі ліцвінамі. Сталіцай тагачаснай Літвы быў Наваградак (сучасны Навагрудак). Затым гэта назва ў выніку розных абставін была перанесена на тэрыторыю аб’яднанай Жэманціі і Аукштайціі – этнічных абласцей сучаснай Літвы. Пра Літву, ліцвінаў з тэрыторыі сучаснай Беларусі можна прачытаць у самых розных аўтараў. Фёдар Дастаеўскі, напрыклад, успамінаў, што радзімай яго продкаў была Літва, а гэта – сяло Дастоева каля Пінска. Ліцвінаў з Наваградчыны ў сваёй паэзіі часта ўспамінае Адам Міцкевіч. Бацька палескай прыгажуні Ядвісі з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» падлоўчы Баранкевіч называў сябе таксама ліцвінам.
У наш час даследчыкі пераканаўча даказалі, што этнонім літвіны (ліцьвіны) – ранейшая гістарычная назва беларусаў; асабліва ўжывальная назва ліцьвіны была пасля далучэння зямлі сучаснай Беларусі да Расійскай імперыі (канец ХVІІІ стагоддзя). Так, Анатоль Белы ў артыкуле «Беларусы» [3, c. 15] зазначаў, што найбольш пашыранае раней найменне нашага народа – літвіны (ліцьвіны). Доўгі час, піша ён, гэтым словам называлі насельніцтва Вялікага княства Літоўскага або літоўцаў (летувісаў), аднак народ наш нельга атаясамліваць ні з тым, ні з другім. Нават пасля далучэння нашага краю да Расійскай імперыі, калі этнонім літвіны меў найбольшае распаўсюджанне толькі ў некаторых паветах заходняй і цэнтральнай частак сучаснай Беларусі, украінцы, напрыклад, працягвалі называць беларусаў ліцьвінамі.
І ў наш час жыхары паўночна-ўсходняй часткі Валынскай вобласці Украіны называюць літвінамі насельніцтва, што жыве больш на поўнач, гэта значыць тых беларусаў, якія гавораць на палескіх дыялектах. А беларусы – ў сваю чаргу лічаць літвінамі насельніцтва басейна верхняй Ясельды, паўночнай часткі Брэсцкай вобласці і раёна Гродна – Баранавічы.
Яшчэ адзін прыклад. Вядомы гісторык Мікола Ермаловіч, спасылаючыся на разнастайныя навуковыя погляды адносна гістарчнага мінулага Беларусі, для пацвярджання сваёй думкі адзначае, што на тэрыторыі Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Сенненскага, Талачынскага, Чашніцкага, Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці сустракаюцца назвы Латыгаль, Латыгава і інш. Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў цэлым арэал пашырэння латыгальскіх тапонімаў супадае з рэгіёнамі бытавання днепра-дзвінскай археалагічнвй культуры балтаў. Як і ўсе балцкія назвы, найменне латыгола з цягам часу пашыралася на захад і замацавалася за ўсходняй часткай Латвіі – Латгаліяй [3, c. 24].
Завяршаючы размову пра тапанімічныя назвы, неабходна падкрэсліць, што сістэма гэтых назваў пачала актыўна вывучацца толькі 30 гадоў таму назад, адсюль і многа нявырашаных праблем у беларускай тапаніміцы. Аднак ўжо дакладна вядома, што беларускія тапонімы-»мігранты» ўзнікалі там, куды масава пераязджалі перасяленцы з Беларусі, прывозячы назвы родных мясцін і замацоўваючы іх як назвы малой радзімы. Значыць, тапаніміка цесна звязана з духоўнай і матэрыяльнай спадчынай людзей. Яна, на наш погляд, часта можа служыць адзінай крыніцай інфармацыі пра пэўны народ і яго мову. Вывучэнне беларускай тапанімікі мае важнае значэнне для гісторыі народа, гісторыі мовы і этнаграфіі.
ЛIТАРАТУРА:
1. Жучкевiч, В.А. Чаму так названа? / В.А. Жучкевiч. – Мiнск, 1969.
2. Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. – Минск, 1974.
3. Пытаннi беларускай тапанiмiкi. – Мiнск, 1970.
|